Мэр Жодзіна асабіста прыгнаў у РФ аўтамабіль «Ніва» для патрэб расійскай арміі ва Украіне
Старшыня Жодзінскага гарвыканкама Дзмітрый Забалоцкі адкрыта падтрымаў расійскую ваенную агрэсію ва Украіне. Стала вядома, што яшчэ ў першай палове лістапада лукашэнкаўскі чыноўнік асабіста даставіў у падмаскоўныя Мыцішчы аўтамабіль «Ніва», які пазней быў перададзены расійскім вайскоўцам у зоне «спецыяльнай ваеннай аперацыі».
Разам з Забалоцкім машыну ў Мыцішчы даставіў дырэктар жодзінскага завода «БАЗцьюб» (вытворца гідрацыліндраў, труб і іншай прадукцыі прамысловага прызначэння) Аляксандр Шчурок.
За дапамогу абодвум падзякавала кіраўніца гарадской адміністрацыі Мыцішчаў Юлія Купецкая.
«Дарагі і важны падарунак ад нашых беларускіх братоў перададзены мыцішчынскім вайскоўцам у зону СВА – цяпер усюдыходная «Ніва» будзе служыць 180-му асобнаму дэсантна-штурмавому палку», — напісала 14 лістапада пуцінская чыноўніца ў сваім тэлеграм-канале.
Яна падкрэсліла, што Жодзіна і Мыцішчы з’яўляюцца гарадамі-пабрацімамі, а «сябар спазнаецца ў бядзе».
Цяпер, адзначыла Купецкая, «калі Расія вядзе барацьбу з неафашызмам, старшыня Жодзінскага гарадскога выканкама Дзмітрый Забалоцкі і дырэктар ААТ «Базцьюб» Аляксандр Шчурок прарабілі да Мыцішчаў шлях даўжынёй больш за 600 км, каб асабіста прыгнаць машыну для фронту», заявіла кіраўніца Мыцішчаў.
У біяграфіі Забалоцкага ёсць цікавы факт. 13 жніўня 2020 года, калі на заводзе БелАЗ у Жодзіне пачаліся пратэсты і спробы зладзіць страйк, ён прыехаў на сустрэчу з рабочымі, на якой выступіў за мірныя формы пратэстаў, але супраць «беспарадкаў».
Тады чыноўнік заявіў пра магчымасць вываду з горада супрацоўнікаў АМАПу, на якіх паскардзіліся мясцовыя жыхары.
«Калі сіламі ГУУС Жодзіна можна забяспечыць грамадскі парадак, я асабіста буду прасіць, каб АМАП і іншыя сілы адклікалі з горада», — сказаў Забалоцкі.
Пры гэтым ён адзначыў, што 9 жніўня, калі на плошчы перад адміністрацыяй Жодзіна сабраліся пратэстоўцы, была пагроза захопу будынка.
«Людзі мірна
выйшлі, хіба яны нешта разбілі, нешта паламалі?» — запярэчылі рабочыя. «Не, але пагроза захопу будынка была. Гэта
спланаванае дзеянне», — адказаў
мэр.
Ён таксама паабяцаў выйсці 13 жніўня ў 20:00 на сустрэчу з жыхарамі Жодзіна на плошчы горада, запэўніўшы, што тых, хто сабраўся, не будуць разганяць, калі тыя не будуць парушаць парадак або правакаваць супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Забалоцкага таксама заклікалі вырашыць пытанне з публікацыяй звестак аб выніках галасавання падчас прэзідэнцкіх выбараў на выбарчых участках у Жодзіне, бо на той момант не было афіцыйнай інфармацыі аб тым, як прагаласаваў горад. Чыноўнік адказаў, што, у адпаведнасці з законам, у яго няма такіх паўнамоцтваў.
Далей, як кажуць, прайшоў час. Пратэсты ў Беларусі
здушылі пры ўдзеле таго ж АМАПу, чацвёрты год у краіне (і ў Жодзіне ў тым ліку)
трываюць палітычныя рэпрэсіі, а кіраўнік гарвыканкама возіць у Расію тэхніку,
якая дапамагае акупантам забіваць украінцаў.