Вандроўкі з «Новым Часам»: ЗАСВІР

Сёння мы распачынаем новы праект, які вырашылі назваць «Вандроўкі з "Новым Часам"». Мы будзем знаёміць вас з унікальнымі мясцінамі Беларусі і з тымі, якія, здавалася б, добра вам вядомыя. Пастараемся, каб гэта было цікава і пазнавальна. І пачаць вырашылі з мястэчка Засвір. 

Касцёл св. Троіцы

Касцёл св. Троіцы

Што вы ведаеце пра цудоўнае месца пад прыгожай назвай Засвір? Ці былі вы калісьці ў гэтым цудоўным месцы на Мядзельшчыне?

На тэрыторыі Віленскага ваяводства ў Вялікім Княстве Літоўскім у 1697 годзе быў заснаваны манастыр кармелітаў у вёсцы Засвір. Сродкі на яго заснаванне даў Крыштаф Зяновіч — ашмянскі земскі маршалак, вялікі пісар літоўскі, ваявода менскі, палкоўнік войска ВКЛ і ўдзельнік Алькеніцкай бітвы 1700 года.

У 1713-1714 гадах Крыштаф разам з жонкай Ядзвігай пабудаваў мураваны касцёл Святой Троіцы. Касцёл уяўляў сабою мураваны аднанефны храм з дзвюхвежавым галоўным фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, накрыты высокім двухсхільным дахам.

Пасля паўстання 1830 года манастыр кармелітаў быў закрыты, а пасля паўстання Кастуся Каліноўскага касцёл Святой Троіцы ўвогуле перарабілі і перадалі ва ўладанне праваслаўнай царкве. Падчас Першай сусветнай вайны ў кляштары быў размешчаны нямецкі шпіталь, а за касцёлам хавалі загінулых салдат.

У 1919 годзе падчас польскай інтэрвенцыі храм вярнулі каталіцкім вернікам, а праз год яго пробашчам стаў славуты беларускі паэт ксёндз Казімір Сваяк (сапраўднае імя Канстанцін Стаповіч). Казімір Сваяк настойліва змагаўся з моўнай дыскрымінацыяй — асабліва пасля забароны польскімі ўладамі праводзіць імшы па-беларуску.

Таксама пробашча наведваў вядомы сваімі патрыятычнымі поглядамі і дзеяннямі ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, прыхільнік і абаронца вольнай Беларусі, расстраляны ў нямецкім палоне.

Блізу возера Свір праводзіў археалагічныя раскопкі Язэп Драздовіч. Ён меў шырокае кола інтарэсаў: гісторыя, археалогія, этнаграфія, літаратура і нават астраномія. Запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў народную лексіку розных куткоў Беларусі. У тым ліку ў Засвіры. Падчас раскопак каля возера Свір Драздовіч вёў падрабязныя дзённікі, у якіх апісаў 30 археалагічных помнікаў; там Драздовіч адкрыў некалькі стаянак каменнага і бронзавага вякоў, сабраў калекцыю тапароў.

А што ж касцёл Святой Троіцы, перліна Засвіра? Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў 1945 годзе савецкія ўлады забаранілі яго дзейнасць. Храм быў закрыты, а ў кляштары месціліся інтэрнат ды школа, але з цягам часу комплекс прыйшоў у заняпад.

На жаль, захаваўся толькі касцёл Святой Троіцы, які вярнулі вернікам у 1990 годзе. Руіны кляштара можна пабачыць і цяпер.

Наступным разам мы пазнаёмім вас з цікавосткамі горада Мядзел.

Павандраваць з «Новым Часам» можна і на нашым ютуб-канале:

Крыніца: «Новы Час» [ youtube ]