Вандроўкі з «Новым Часам»: Святыня і нячысцікі ў Камаях

Між беларускіх лясоў знаходзіцца касцёл, які памятае штурм шведаў, а звычайнаму хлопцу ў гэтым месцы лёгка назаўсёды знікнуць ці з'ехаць з глузду. Наша сённяшняя вандроўка разам з Янам і Юліяй у Камаі. Гісторыя абяцае быць цікавай, а відэашэраг — ну, вельмі прыгожы! Падпісвайцеся на канал "Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура", каб не прапусціць новыя цікавыя гісторыі пра славутасці нашай радзімы! 

Крыніца: Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура [ youtube ]

Цвёрды факт: святыня ў Камаях была збудавана ў 1606 годзе і дайшла да нашых дзён без глабальных змен ажно з пажару канца XVII стагоддзя. 

Касцёл Святога Яна Хрысціцеля ўвабраў ў сябе рысы абарончага дойлідства, элементы готыкі і рэнесансу.

Галоўны фасад па баках абрамляюць мураваныя вежы з высокімі арачнымі аконнымі праёмамі, што паглыблены ў нішах. Асноўны аб’ём завершаны трохкутным шчытом.

У такім выглядзе касцёл быў збудаваны нездарма: каб вытрымаць націск аблогі. Падчас Паўночнай вайны шведы намагаліся ўзяць Камаі. А паколькі касцёл выконваў абарончую функцыю, яму давялося прыняць удар  гарматных залпаў на сябе. 

Адбіткі ядраў на сценах фасаду захаваліся да нашых дзён, а ў гонар перамогі местачкоўцы замуравалі іх у сценах касцёла.

Такім жа старажытным і нерухомым бліз касцёла высіцца над зямлёю каменны крыж — і, што самае цікавае, гісторыкі не маюць пэўнага адказу аб яго паходжанні.

На нашу думку, самая аўтэнтычная версія — што яшчэ задоўга да XV-XVI стагоддзя на месцы скрыжавання шляхоў ляжаў велізарны валун, які, паводле фальклорных павер’яў, пужаў нячысцікаў і не даваў ім ганьбіць чалавечае жыццё.

Цягам часу і праз уплыў хрысціянства валун сцясалі да крыжа, што і па наш дзень ахоўвае маленькае мястэчка. 

Каталіцкія вернікі не баяцца нячысцікаў — і вось чаму: над алтаром знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай, што быў спецыяльна напісаны ў 1610 годзе майстрамі Кракаўскай школы  ў гонар узвядзення святыні.

Хоць касцёл і быў збудаваны ў Камаях, але слабыя духам людзі ўсё роўна маглі трапіць пад уплыў нячысцікаў. Паводле аднаго з паданняў, у лесе, што каймуе мястэчка, жыла Зазоўка — з выгляду вабная дзяўчына, голае цела якой прыкрываюць даўгія валасы. 

Неразумныя хлопцы, адрынуўшы засцярогі, ішлі за Зазоўкай у гушчар пад яе дзіўны голас і знікалі там назаўсёды, а тыя, хто вяртаўся, страчвалі розум і заканчвалі жыццё самагубствам. Местачкоўцы сцвярджаюць, што камайская Зазоўка стала лябёдкаю і адляцела разам з птушкамі ў паганскі вырай. 

Але мы ўсё роўна раім быць асцярожнымі і не здраджваць сапраўднаму каханню. Калі вас не напалохала паданне і вы хочаце на ўласным досведзе зведаць, ці праўду кажуць местачкоўцы, прыязджайце ў Камаі.

Калі вам спадабалася відэа, падпісвайцеся на канал "Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура", каб разам вандраваць па цудоўных і загадкавых мясцінах нашай краіны!