Вандроўкі з «Новым Часам»: касцёл Святой Тэрэзы і калегіум піяраў у Шчучыне

Запрашаем у чарговую «Вандроўку з "Новым Часам"»! Сёння Ян і Юлія раскажуць вам пра касцёл Святой Тэрэзы і калегіум піяраў у Шчучыне, дзе навучаліся знакамітыя навукоўцы і дзеячы мастацтва — нацыянальны герой Чылі і філамат Ігнат Дамейка, філосаф і асветнік Казімір Нарбут, вядомы польскі паэт Юльян Корсак. 

Ордэн піяраў быў заснаваны ў 1597 годзе іспанскім святаром Юзафам Каласансам, зацверджаны Папам Рымскім Рыгорам XV у 1621 годзе.

Мэтай ордэна было выхаванне і навучанне моладзі праз стварэнне сеткі калегіумаў, а не палітычная ці рыцарская дзейнасць.

У 1641 годзе кароль Уладзіслаў Ваза персанальна папрасіў Юзафа Каласанса даслаць місію піяраў у Рэч Паспалітую, каб пазбавіць манаполіі езуітаў у галіне адукацыі.

Менш чым за стагоддзе па розных кутках Вялікага Княства Літоўскага ўзніклі калегіумы. 

Так у першай чвэрці XVIII стагоддзя ўладальнік Шчучына фундаваў у мястэчку калегіум піяраў, а таксама перадаў манахам парафіяльны касцёл Святога Юрыя, заснаваны ў 1436 годзе.

Пасля таго, як Шчучын аказаўся ў складзе Расійскай імперыі, у 1826-1829 гадах былі перабудаваныя мураванымі касцёл у гонар Святой Тэрэзы і сам калегіум на грошы князя Францішка Ксаверыя Друцкага-Любецкага. 

Па выкрыцці паліцыяй філіяла філаматаў у 1825 годзе ў Шчучыне калегіум быў ператвораны ў звычайную пачатковую школу, а ордэн — скасаваны.  

Але манахі-піяры змаглі вярнуцца да адукацыйнай дзейнасці ў 1919 годзе з дазволу ўладаў міжваеннай Польскай Рэспублікі і былі там нават падчас Другой сусветнай вайны. Наступны раз надышоў толькі ў 1988 годзе, калі савецкая ўлада вярнула храм і калегіум вернікам.

Калі ўлічваць час збудавання і ўважліва агледзець храмавы комплекс, то мы з лёгкасцю можам назваць стыль — неакласіцызм.

Касцёл уяўляе сабою крыжова-купальную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, у якой дамінуе высокі купал на васьмерыковым барабане. У дэкоры фасадаў выкарыстоўваецца дарычны ордэр. Вось сіметрыі падкрэсліваецца ўваходным праёмам з сандрыкам, акном у фігурнай ліштве і люкарнай на франтоне. Бакавыя фасады падзяляюцца высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі.

Усярэдзіне сцены падзяляюцца паўкалонамі і аздабляюцца па ўсім перыметры шырокім карнізам. 

Дарэчы, мы вам раім наведаць Шчучын не толькі дзеля касцёла. Памятаеце род Друцкіх-Любецкіх, фундатараў касцёла? Дык вось, іх неакласічны палац таксама добра захаваўся і па наш час у паўночнай частцы месца, на беразе ракі Туркаўкі. 

Дабрацца да Шчучына можна на машыне ад бліжэйшага абласнога цэнтра — Гродна — цягам гадзіны. Адлегласць складае каля 70 кіламетраў.