Што паглядзець і чаго асцерагацца ў Смаргоні?
Чаго толькі ні сустрэнеш на Гродзеншчыне! У ваколіцах Смаргоні ў лясах сярод ночы можна ўбачыць блукаючыя агеньчыкі. Вы, пэўна, падумалі, што гэта светлякі? Не, гэта Туросік і яго залатыя рогі. Ці чулі пра такога? Пры дапамозе ўнікальнай тэхнікі «Лічбавая акварэль» аўтары гэтага відэа Ян і Юлія на канале «Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура» пакажуць вам тое, што вы магчыма больш нідзе не ўбачыце!
Туросік — дух лесу ў выглядзе магутнага тура, старажытнага дзікага быка, у якога рогі ззяюць агнём ды золатам. Лясных жыхароў ён ахоўвае: алянят ды іншы маладняк адводзіць ад паляўнічых сцежак, знаходзіць ды разбурае пасткі — кляпцы, ашчэпы, ваўкоўні. А людзей Туросік наадварот не любіць. Мажліва, таксама і праз знакамітую «смаргонскую мядзведжую акадэмію», што была тут заснаваная Радзівіламі яшчэ ў XVII стагоддзі. У ёй мядзведзяў дрэсіравалі танчыць, выконваць простыя каманды, кланяцца важным гасцям — такім, як Карл XII, які некалі наведваў гэты горад. Таму Туросік зваблівае людзей у непраходную багну за такія здзекі. І вельмі цяжка не пайсці за ім, бо чалавека, бы матыля, вабіць бліскучае залатое святло. Таму раім памаліцца Міхалу Арханёлу, абаронцу вернікаў ад нячысцікаў, перад тым, як пачаць блукаць па таямнічым гушчары… Гэта можна зрабіць, напрыклад, у Смаргонскім касцёле.
У другой палове XVI стагоддзя ў Смаргоні род Зяновічаў збудаваў каменны кальвінскі збор, а на пачатку XVІІ стагоддзя Мікалай Зяновіч, вядомы дзеяч ВКЛ, выдзеліў грошы на перабудову святыні і аддаў яе каталіцкім вернікам, адрокшыся ад кальвінізму. Увогуле гэта вельмі ўнікальная з’ява для архітэктуры перыяду Рэфармацыі — калі спачатку ствараецца збор, а потым перабудоўваецца ў касцёл. Звычайна адбывалася наадварот.
За сваю гісторыю гэты смаргонскі храм нямала напакутаваўся і неаднаразова разбураўся падчас нападаў суседзяў-маскавітаў. Праз гэта архітэктура нязначна змянялася, але асноўная стылістыка будынка захавалася. Асноўны аб'ём касцёла мае васьмігранную форму, да якой далучаецца вежа-званіца.
Візуальна касцёл падзелены на 2 ярусы. Ніжні — большага памеру, з арачнымі вокнамі і без асаблівага дэкору. Верхні ярус упрыгожаны вытанчанымі нішамі і пілястрамі.
Яшчэ адна цікавая дэталь у архітэктуры — гэта невялікая вежа з байнічкамі справа ад галоўнага ўваходу.
У другой палове XIX стагоддзя касцёл забралі ва ўлонне праваслаўнай канфесіі і пераасвяцілі ў Свята-Міхайлаўскую царкву — ажно да 1921 года.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны касцёл Святога Міхала закрылі, як і шматлікія іншыя святыні на Беларусі, праз атэістычную савецкую палітыку. Але пасля распаду СССР храм вярнулі вернікам.
Дарэчы, а ці ведалі вы, што блізу Смаргоні месціцца сядзібна-паркавы комплекс Міхала Клеафаса Агінскага, знакамітага беларускага кампазітара? У наступнай серыі вас чакае цудоўная вандроўка ў Залессе. Таму, каб не прапусціць яе, абавязкова падпішыцеся на канал "Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура".