Смаляны: тры славутасці мінулых эпох

Сённяшняя нашая вандроўка ў знакамітыя Смаляны. Ці Смальяны, як кажуць мясцовыя жыхары. Пры дапамозе ўнікальнай тэхнікі «Лічбавая акварэль» аўтары гэтага відэа Ян і Юлія на канале «Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура» пакажуць вам тое, што вы магчыма больш нідзе не ўбачыце!

Крыніца: Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура [ youtube ]

Галоўнай славутасцю месца з’яўляецца замак Белы Ковель роду Сангушкаў. Будаўніцтва рэзідэнцыі валынскіх князёў у стылі Рэнесансу было скончана недзе ў  першай чвэрці XVII стагоддзя. У той перыяд замак знаходзіўся на мяжы ВКЛ з Расеяй і служыў абарончым збудаваннем падчас частых варожых нападаў суседзяў.

На жаль, падчас Паўночнай вайны Пётр І знішчыў велічную пабудову за тое, што гаспадар Белага Ковелю падтрымаў бок шведаў. Цягам двух стагоддзяў расейскай акупацыі ад замка засталася толькі адна вежа, бо вялікая частка цэглы была забрана на царкву Святога Алексія, руіны якой цяпер месцяцца зусім побач. Сама царква была ўзведзена ў псеўдарускім стылі ў 1864 годзе. Дарэчы, “псеўдарускімі” прынята называць царкоўныя пабудовы XIX стагоддзя ў рускім стылі. Адметна, што высокая вежа-званіца ўсё ж дайшла да нашых дзён.

Глядзіце таксама

А вось руіны самага старога хрысціянскага храма знаходзяцца на ўездзе ў мястэчка. Гэта касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, што быў тут збудаваны ў 1786 годзе ў стылі вiленскага барока. Помнікі гэтага стылю вызначаюцца маляўнічасцю сілуэту, вытанчанасцю і вертыкалізмам прапорцый, ажурнасцю і пластычнасцю фасадаў, пышнымі і разнастайнымі інтэр'ерамі, крывалінейнасцю абрысаў і прасторы, аптычнымі эфектамі. У іх спалучаюцца раманскі і візантыйскі мастацкі ўплыў.

Глядзіце таксама

Паводле меркавання гісторыкаў, па сваёй архiтэктонiцы касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі шмат у чым паўтарае страчаны дамініканскі касцёл святога Антонія ў Друi, пра які мы ўжо раней расказвалі. На жаль, у савецкія часы ўлады аддалі храм і кляштар на згубу калгасу, але нават у такіх умовах святыня не страціла сваёй велічы і нават захавала адзін цікавы сакрэт. Пад касцёлам існуе сістэма таемных хадоў, адзін з якіх вядзе да Белага Ковелю. Напэўна, не аднойчы местачкоўцы спрабавалі знайсці там скарб, бо ў такіх месцах чаго толькі ні ўбачыш!   

Калі вам спадабалася відэа, падпісвайцеся на канал "Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура", каб разам вандраваць па цудоўных і загадкавых мясцінах нашай краіны!