СМАЧНА З «НОВЫМ ЧАСАМ»: Мішкулянцыя — каралеўская страва ад Боны Сфорца!
Сёння мы прыгатуем мішкулянцыю — беларускую традыцыйную страву з італьянскім падтэкстам. Ёсць меркаванне, што сама каралева Бона Сфорца любіла мішкулянцыю на абед. Таму не ўпускайце шанец і давайце гатаваць разам з Таццянай Бародкінай. Упэўнены, гэты старадаўні рэцэпт стане адным з улюбёных і ў вашых сем’ях!
Слова «мішкулянцыя» італьянскага паходжання і азначае «змешванне», што паказвае на вялікую колькасць складнікаў, якія выкарыстоўваюцца ў страве. Але не хвалюйцеся, складнікі танныя, а галоўнае — вельмі карысныя. А смачная страва гатуецца хутка.
З’яўленне моды ў беларускай кухні на італьянскія стравы звязваюць з імем Боны Сфорца, якая выйшла замуж за вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Першага. Калі казаць сучаснай мовай, каралева італьянскага паходжання Бона Сфорца была таленавітай бізнес-вумэн, якая прафесійна дамаўлялася са шляхтай і развівала гандлёвыя шляхі, будавала масты, правяла аграрную рэформу. Але ж разам з прадпрымальніцкімі навыкамі Бона заставалася жанчынай, якая любіла смачную і вытанчаную кухню. Яна прывезла не толькі новыя рэцэпты страў, а і навучыла шляхту і нават сялян культуры ўжывання ежы і этыкету. Дарэчы, з Італіі каралева прывезла да нас белы парцалян. Але ж гэта было, як кажуць, дарагое задавальненне, таму нашы мясцовыя майстры трансфармавалі посуд у кераміку: гліняны посуд фарбавалі ў белы колер а-ля парцалян.
У асноўным рэцэпты страў, якія прывезла з Італіі каралева, з цягам часу змяняліся да непазнавальнасці. Так, напрыклад, здарылася з лазанняй, якая ў беларускай версіі стала «лазанкамі». А вось мішкулянцыя не зведала моцных змен, і рэцэпт у розныя перыяды выглядаў прыкладна аднолькава.
Калі казаць проста, то мішкулянцыя — гэта суп. Але вельмі вытанчаны і смачны. Рэцэпт гэтага супа можна таксама знайсці ў кнізе «Літоўская кухарка» Вінцэнты Завадскай, якая была выдадзена ў 1854 годзе і перавыдавалася потым мноства разоў. І ў позніх варыянтах кнігі мішкулянцыя фігуруе пад назвай «Суп “Усяго патроху”».
Рэцэпт мішкулянцыі:
фасоля белая — 100 г
сухія лясныя грыбы — 50 г
бульба — 200 г
морква — 100 г
корань сельдэрэю — 80 г
каляровая капуста — 200 г
цыбуля-парэй — 100 г
вада — 3 л
соль і чорны перац — на смак
Гатаванне
Фасолю замачыць у вадзе пакаёвай тэмпературы на 12 гадзін. Сухія грыбы замачыць у гарачай вадзе на 15 хвілін, прамыць, парэзаць на некалькі частак і заліць на тры гадзіны 3 літрамі вады пакаёвай тэмпературы. Абабраную бульбу, моркву, сельдэрэй парэзаць невялікімі кубікамі. Здрабніць таксама каляровую капусту і цыбулю-парэй. Грыбы варыць у той жа вадзе, у якой яны замочваліся, 15 хвілін на невялікім агні, затым крыху пасаліць і дадаць да грыбоў фасолю. Варыць разам яшчэ 20 хвілін. Далучыць астатнія інгрэдыенты і варыць да поўнай гатоўнасці гародніны. Паперчыць і пасаліць на смак.
Смачна есці!