Салідарнасці і нацбяспецы не па дарозе. Чаму ў Літве патрабуюць узмацнення жорсткасці для беларусаў?

Афіцыйныя асобы Літвы падзяліліся на два лагеры: адны салідарныя з беларусамі і выступаюць за далейшую падтрымку дэмакратычнай супольнасці, другія — за больш жорсткае стаўленне да беларускіх грамадзян з пазіцыі нацыянальных інтарэсаў Літвы.

Мітынг насупраць беларускай амбасады ў Вільні. Фота Яўгена Ерчака

Мітынг насупраць беларускай амбасады ў Вільні. Фота Яўгена Ерчака

Ідэю зрабіць больш жорсткімі для беларускіх грамадзян умовы ўезду ў Літву падтрымлівае не толькі большасць насельніцтва краіны, але і літоўскі прэзідэнт, а таксама Камітэт Сейма па бяспецы. «Deutsche Welle» высветліла ў экспертаў, з чым звязаныя такія настроі і якіх абмежаванняў варта чакаць.

Прэзідэнт Літвы — за абмежаванні на ўезд для беларусаў

Да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі жніўня 2020 года ў Літве пражывала каля 18 000 грамадзян Беларусі. Паводле даных на 1 кастрычніка 2023 года, іх колькасць ужо перавысіла адзнаку ў 60 000. Рэпрэзентатыўнае сацапытанне, праведзенае ў канцы верасня — на пачатку кастрычніка «Baltijos Research», паказала, што шэсць з дзесяці літоўцаў лічаць, што для грамадзян Беларусі неабходна зрабіць больш жорсткімі ўмовы ўезду ў Літву.

Гэтай жа пазіцыі прытрымліваецца і Офіс прэзідэнта. Гітанас Наўседа мяркуе, што абмежаванні на ўезд павінны дзейнічаць не толькі ў дачыненні да расійскіх грамадзян, але і беларускіх. Літоўскі прэзідэнт ужо двойчы ставіў адпаведнае пытанне перад парламентам, у тым ліку пасля прыбыцця ў Беларусь байцоў ПВК «Вагнер». І хоць большасць з іх ужо пакінулі краіну, Наўседа па-ранейшаму настойвае на абмежаваннях для беларусаў. «Змяняецца характар пагроз, якія зыходзяць для Літвы з боку рэжымаў Расіі і Беларусі, але не іх інтэнсіўнасць», — цытуе Офіс Наўседы партал LRT.

Глядзіце таксама

Гэты пункт гледжання падзяляе і кіраўнік Сейма па нацбяспецы і абароне Лаўрынас Кашчунас. Ён зыходзіць з таго, што беларуская апазіцыя і кваліфікаваныя прадстаўнікі бізнес-супольнасці, якія хацелі сысці ад аўтарытарнага рэжыму, ужо зрабілі гэта. Пры гэтым, паводле ацэнкі Кашчунаса, у Літву прыязджае «ўсё больш людзей, не звязаных з дэмакратыяй», цытуе палітыка LRT.

Паводле звестак літоўскага Дэпартамента міграцыі, сёлета блізу тысячы беларусаў альбо не атрымалі ВНЖ у Літве, альбо іх дакументы анулявалі. Гаворка ідзе пра людзей, якія, на думку ўладаў у Вільні, звязаныя з рэжымам — праз сілавыя структуры, войска. Акрамя таго, ва ўладаў ёсць пытанні да беларусаў, якія працягваюць ездзіць у Беларусь: ці не вярбуюць іх спецслужбы, хто іх сваякі?

Чаму літоўцы хочуць зрабіць больш жорсткімі абмежаванні ў дачыненні да беларусаў?

Былы кіраўнік Канстытуцыйнага суда Літвы Дайнюс Жалімас перакананы, што палітыка Вільні павінна быць паслядоўнай у пытанні дапамогі беларусам, якія пацярпелі ад дзеянняў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. «Калі ўзмацненне жорсткасці і прымуць, яно не закране людзей, якія бягуць ад пераследу — яны змогуць знайсці прытулак у Літве», — запэўніў Жалімас.

Паводле яго выказвання, выклікаюць пытанні людзі, якія не пацярпелі ад рэжыму, туды-сюды перасякаюць мяжу, а некаторыя нават дазваляюць выказванні ў падтрымку Лукашэнкі: «Узнікае пытанне: што яны робяць у нашай краіне?».

Палітолаг, кіраўнік літоўскага офіса «Freedom House» Віціс Юрконіс адзначыў, што нельга выключыць, што абмежаванні ў дачыненні да беларусаў прымуць. Аднак, паводле яго слоў, гуманітарны калідор для пацярпелых ад рэжыму Лукашэнкі захаваецца, як гэта сёння ўжо дзейнічае для грамадзян Расіі.

«Многія беларусы на бытавым узроўні ўдзельнічаюць у абыходзе санкцый»

З чым звязаны запыт на ўзмацненне жорсткасці абмежаванняў для ўезду беларусаў? Дайнюс Жалімас кажа, што на фоне зацягвання вайны ва Украіне, дзе Беларусь, паводле яго выразу, выступае суагрэсарам, у літоўцаў змяняецца псіхалагічнае ўспрыманне суседзяў. «Рэсурсы дзяржавы абмежаваныя, складана праверыць кожнага, ва ўмовах вайны і асцярог адносна нацбяспекі больш простым можа выглядаць рашэнне зрабіць больш жорсткім ўезд», — растлумачыў суразмоўца.

Віціс Юрконіс звяртае ўвагу на фактар санкцый: «Многія беларусы на бытавым узроўні ўдзельнічаюць у абыходзе санкцый: купляюць машыны ў Германіі і пераганяюць іх у Расію. Шмат такіх аб'яў у сацсетках. Пасля 2020 года з'явілася шмат новых кампаній з беларускімі каранямі, да якіх таксама могуць быць пытанні наконт удзелу ў абыходзе санкцый».

Глядзіце таксама

Але асноўнае пытанне, канстатуюць многія эксперты, — саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне і злачынствах супраць украінскага народа. На іх думку, прымаючы рашэнне, ці задавальняць тую ці іншую заяву аб атрыманні віду на жыхарства, літоўскія ўлады, у першую чаргу, кіруюцца пытаннямі бяспекі, а не патэнцыйнай эканамічнай выгады.

Выдача беларусам ВНЖ у Літве на тры гады застаецца пад пытаннем

Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце прапанавала павялічыць тэрмін дзеяння гуманітарнага ВНЖ беларусам з аднаго года да трох гадоў. На думку міністаркі, гэта знізіць нагрузку на міграцыйныя службы і дазволіць выдаваць пашпарты замежнікаў на больш працяглы час — дакумент прывязаны да ВНЖ. Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская паведаміла, што гэтае пытанне «амаль вырашанае».

Глядзіце таксама

Аднак парламенцкі Камітэт па нацбяспецы і абароне рэкамендаваў адхіліць прапанову міністаркі: «Ва ўмовах дынамічнага павелічэння колькасці беларускіх грамадзян у Літве, дыскусій у грамадстве і парламенце з нагоды ўзмацнення жорсткасці для іх абмежавальных мер прапанова аб лібералізацыі права на пражыванне з гуманітарных меркаванняў мае паспешлівы характар і можа стварыць негатыўныя прэцэдэнты ў будучыні». Канчатковае рашэнне наконт павелічэння тэрміну дзеяння ВНЖ для пацярпелых ад рэжыму Лукашэнкі беларусаў пакуль не прынятае.

«Важна, каб не было злоўжыванняў, — удакладняе Віціс Юрконіс. — Ёсць выпадкі, калі чалавек з ВНЖ вяртаецца ў Беларусь або жыве з літоўскім ВНЖ у Германіі ці Партугаліі. Такія выпадкі, хай і адзінкавыя, зніжаюць верагоднасць падаўжэння дазволу на пражыванне да трох гадоў».