Збор подпісаў, сход і марш дармаедаў
Падатковыя інспекцыі разаслалі некалькі дзясяткаў тысяч «лістоў шчасця» з прапановай заплаціць дзяржаве за адсутнасць сталага месца працы. Людзям гэта не вельмі падабаецца. Да кухонных пратэстаў паволі падключаюцца пазіцыя і грамадскія актывісты.
АГП ― гадзінны збор подпісаў ля Камароўкі ў Мінску і арганізацыя маршу
18 студзеня актывісты АГП разам з лідарам партыі Анатолем Лябедзькам выйшлі да мінскага Камароўкага рынка збіраць подпісы за адмену Дэкрэта №3. Збіралі цэлую гадзіну, падпісалася 148 чалавек. «Гэта вельмі добрая дынаміка, 2,5 подпісу ў хвіліну», ― радуецца лідар АГП. Кажа, што, можа, і яшчэ будуць выходзіць: «Важна бачыць рэакцыю людзей».
У дадатак АГП разам з іншымі партыямі хоча правесці ў Мінску марш за адмену Дэкрэта №3. Лябедзька абяцае, што будуць хрысціянскія дэмакраты, экс-камуністы, зялёныя і яшчэ многа хто. У бліжэйшы панядзелак агучаць маршрут, само мерапрыемства павінна адбыцца 15 сакавіка ў Дзень Канстытуцыі. Лідар АГП таксама расказаў Еўрарадыё, што размясціў апытанне ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» і за суткі там прагаласавала больш за 17 тысяч чалавек, амаль усе выказваюцца пра Дэкрэт №3 негатыўна. «Звычайна ў маіх апытаннях бяруць удзел 100-150 чалавек, а тут такі вынік нечаканы. Людзі выказваюцца», ― кажа Анатоль Лябедзька.
Прафсаюз РЭП ― месячны збор подпісаў
Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці вырашыў збіраць подпісы. Збіраць будуць цэлы месяц, да 18 лютага. «Трэба 200 тысяч подпісаў, тады нас не змогуць ігнараваць», ― кажа старшыня прафсаюза Генадзь Фядыніч. Хто канкрэтна не зможа ігнараваць прафсаюзных актывістаў, дакладна не вядома. Але адзін з іх, гамяльчанін Андрэй Стрыжак, ужо рапартуе ў Фэйсбуку пра пяць тысячах сабраных подпісаў (заадно наракае на сэрвіс з онлайн-петыцыямі, які нібыта адкручвае назад колькасць тых, хто падпісаўся).
«Гавары праўду» ― сход дармаедаў
"У нас адназначная пазіцыя, гэты Дэкрэт варта адмяніць... Мы з гэтым пытаннем звярталіся да міністра працы і сацыяльнай абароны, да кіраўнікоў парламенцкіх камісій. Цяпер стараемся аказваць юрыдычную дапамогу тым, хто атрымаў "лісты шчасця". Такіх людзей вельмі шмат", ― расказвае Еўрарадыё Таццяна Караткевіч. І дадае, што цяпер працуюць над правядзеннем сходу людзей, якіх вымушаюць заплаціць "падатак на дармаедства". Верагодна, такі сход пройдзе 7 лютага.
«За Свабоду» ― дапамога на шляху да ААН
Рух «За Свабоду» абяцае дапамагчы тым, хто хоча дайсці да Камітэта па правах чалавека пры ААН.«Дэкрэт № 3 — гэта нонсэнс, нідзе ў Еўропе няма падобных мераў, якія прымяняюць да беспрацоўных. Беларускія ўлады ўсё не могуць прызнаць, што адсутнасць працы — не віна, а бяда чалавека... Мы гатовыя дапамагчы тым, хто гатовы пазмагацца з дзяржавай і давесці справу да Камітэта па правах чалавека», ― цытуе афіцыйны сайт руху свайго старшыню Юрася Губарэвіча. Там жа можна знайсці мэйл, праз які пачынаецца дарога для скаргі ў ААН.
Паводле Еўрарадыё