Павел Усаў: Ад Лукашэнкі ўжо нічога не залежыць у гэтай вайне

Падчас уручэння даверчых грамат дыпламатамі, беларускі кіраўнік зноў казаў пра прыхільнасць Беларусі да міру. Ці так гэта на самай справе? Палітолаг Павел Усаў выкрывае 4 хлусні Лукашэнкі ў адной прамове.

mir_heta_vajna.jpg

Сёння даверчыя граматы Лукашэнку ўручылі дыпламаты з Аргенціны, Беніна, Босніі і Герцагавіны, Бразіліі, Кубы, Мальтыйскага ордэна, М'янмы, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Палесціны, Егіпта, Судана і Швейцарыі.

Лукашэнка заявіў замежным амбасадарам, што Беларусь «ніколі не была і не будзе крыніцай пагрозы», піша Позірк.

«Мы заўсёды адданыя мірнаму вырашэнню любых міжнародных праблем, — заявіў Лукашэнка. — Страціўшы кожнага трэцяга ў часы фашысцкага генацыду, беларусы, як ніводная іншая нацыя ў свеце, высока цэняць чалавечае жыццё». Па яго словах, у сітуацыі, калі «побач з намі, ва Украіне, палае ваенны канфлікт», Мінск «нязменна выступаў і выступае з мірнымі ініцыятывамі», робіць усё, «каб спыніць кровапраліцце».


Палітолаг Павел Усаў у сваім тэлеграм-канале выказаўся наконт гэтых заяў беларускага кіраўніка і адзначыў, што сігналы, якія сыходзяць ад Лукашэнкі, супярэчаць адзін аднаму:

Першая хлусня: «Як і раней, з тых часоў беларусы ніколі ў сваёй гісторыі ні на каго не нападалі».

Атрымліваецца, што 24 лютага ніякага нападу з тэрыторыі Беларусі не было.

Другая хлусня: «Ні для каго мы не былі крыніцай пагрозы. Так будзе і надалей. Падкрэсліваю: менавіта так будзе надалей! Мы заўсёды адданыя мірнаму вырашэнню любых міжнародных праблем».

Няўжо з 24 лютага з тэрыторыі Беларусі не ляцелі ракеты па мірных гарадах Украіны, а Беларусь не была пагрозай для суседа?

Трэцяя хлусня. «Мы ніколі не нападалі». Так будзе надалей.

Але на тэрыторыі краіны працягваюць знаходзіцца войскі агрэсара, Расіі, і Беларусь працягвае балансаваць на мяжы вайны.


Чацвёртая хлусня: «Але ў той жа час мы гаворым пра тое, што мы не будзем ваяваць ва Украіне».

Але: «Не трэба нас сёння папракаць у суагрэсіі ці яшчэ ў чымсьці. Мы былі, ёсць і будзем разам з нашай Расіяй. У нас з Расіяй саюз цяснейшы, чым блока NАТО. Што вы ад нас хочаце?»

Гэта значыць, мы ні на каго не нападалі, але мы суагрэсары і няма чаго ў гэтым нас папракаць. Логіка, вядома фенаменальная.

Адпаведна, калі Расія пашырыць сваю «спецаперацыю» да вайны, і пачне абараняць «сваю тэрыторыю», то Беларусь вымушаная будзе ваяваць.

Выснова: ад Лукашэнкі ўжо нічога не залежыць у гэтай вайне.