Дапамажыце беларускамоўнай кінастужцы атрымаць гук!
Абыякавасць, зайздрасць, эгаізм забіваюць у нас чалавечнасць. Калі мы будзем абыякавыя адзін да аднаго, калі не будзем змагацца з чалавечымі заганамі, то кім мы станем? І ці зможам мы зваць сябе ганарлівым словам «чалавек»?
На краўдфандынгавай платформе ulej.by абвешчаны збор сродкаў на агучку кароткаметражнага мастацкага фільма «Акно».
Гэтая сацыяльна-псіхалагічная драма пра каштоўнасць чалавечага жыцця. Пра зайздрасць. Пра эгаізм. Пра абыякавасць. Аўтары фільма хочуць данесці да гледача асноўную думку: не важна, які свет знаходзіцца за акном, важна, хто мы і як мы яго бачым.
Аўтары сцэнарыя фільма: Вікторыя Федарынчык, Алена Ясінская, Улад Кахановіч. Рэжысерка-пастаноўшчыца: Алена Ясінская. У галоўных ролях: Генадзь Фамін, Кастусь Міхаленка, Алеся Пухавая, Віктар Бойка.
Стужка амаль гатовая, засталося зрабіць гук: гэта і музыка для фільма, і чыстка гука запісанага на здымачнай пляцоўцы, і запіс новых неабходных гукаў, а потым звядзенне ўсіх гукаў у адну гукавую карціну фільма. На гэта і збіраюцца грошы. А пасля аўтары плануюць дасылаць фільм «Акно» на міжнародныя фестывалі.
Да 6 верасня неабходна сабраць мінімум 1 500 рублёў. Хто ведае, можа, падтрымаўшы фільм «Акно», вы спрычыніцеся да стварэння першага беларускага лаўрэата «Оскара»?