Беларускія ўрокі Квенціна Таранціна
27 сакавіка Квэнцін Таранціна адсвяткаваў 50 гадоў. Рэжысёра, які ў 1994 годзе скарыў кінематограф сваім «Крымінальным чытвом», цэняць і ведаюць у Беларусі. І хаця Таранціна ніколі не быў у нашай краіне, ягоныя ўрокі карысныя для беларускіх творцаў.
Першы ўрок Таранціна: каб навучыцца здымаць кіно — глядзіце яго. Глядзіце лепшае і глядзіце горшае. Вучыцеся на чужых прыкладах.
Да сваёй рэжысёрскай кар’еры юбіляр працаваў у відэапракаце — і гэта сталася для яго неацэнным досведам. Сёння доступ да фільмаў яшчэ прасцейшы.
Зважайце на гісторыі, якія чапляюць людзей. Чаму яны аддаюць перавагу? Гэта таксама досвед з «Відэа-архіву», дзе рэжысёр вучыўся і назіраў.
Гісторыі — як канструктар: яны маюць пэўныя элементы, і іх можна камбінаваць. Такая канструктарская гульня зрабіла стужкі Таранціна пазнавальнымі. У ягоных фільмах ёсць жорсткія —
ва ўсіх сэнсах — элементы нізавых жанраў і адвольнае спалучэнне іх. Стыкі развінчаныя, высякаюць іронію — выклікаюць асалоду і смех.
Андрэй Кудзіненка скарыстаўся гэтым правілам, калі здымаў «Акупацыю. Містэрыі». Вынік не прымусіў сябе чакаць.
Нізавыя жанры, калі іх правільна згатаваць, здольныя на высокія справы.
Тарантына ў кампаніі з Робэртам Радрыгесам эксперыментаваў з жанрамі ў сваім праекце «Грайндхаўс». Нельга сказаць, каб эксперымент напоўніцу атрымаўся, але сама
спроба стварыць не проста апавяданне, а новыя правілы для цэлага жмута апавяданняў — крок наперад. Нядаўняя «Масакра», што выйшла на «Беларусьфільме»,
— таксама падобны эксперымент.
Другі ўрок— не бойцеся пазычаць.
Юбіляра почасту абвінавачвалі ў любові да шчодрых цытатаў (калі не ў крадзяжы), дый у выкарыстанні прыёмаў і метадаў забытых карцінаў. Але багатыя пазыкі — пасілак для творчасці, а невядомыя
аўтары вартыя нахабнага новага прачытання.
Нарэшце, Шэкспір таксама актыўна апрацоўваў чужыя гістарычныя хронікі, калі пісаў свае бессмяротныя трагедыі. Сярод беларускіх аўтараў пакуль толькі Караткевіч скарыстаўся гэтым
прыёмам.
Трэці ўрок — не бойцеся быць сабою.
Таранціна — стоадсоткавы амерыканец, і ягоныя героі разважаюць пра гамбургеры, танчаць з копіямі Мэрылін Манро і чытаюць коміксы. У побыце — свая каштоўнасць, свае адсылкі і свая
іронія няздзейсненага высокага стылю.
Страх да гарадскога побыту не дазваляе беларускім культурнікам пачувацца вольнымі на сваёй прасторы, дзе можна спрачацца пра дранікі, а не пра Маскву.
Чацвёрты ўрок— мова мае значэнне.
Фірмовыя тарантынаўскія дыялогі спрычыніліся да моўнага скандалу, калі «Крымінальнае чытво» агучылі па-беларуску. Абураліся выкшталцонай лаянкай, Пятра Садоўскага дакаралі за
сакавіты нецнатлівы пераклад. Але мова няпоўная — і без высокіх спеваў, і без мянушак з прыгаворкамі.
Культура няпоўная, калі не засвоеныя пэўныя ўрокі.
Юбіляр Таранціна дае майстар-клас.