Усё як у Мінску: кватэры па 800 долараў і заторы на дарогах. Як змяняецца Астравец праз будоўлю АЭС
«Нашы дзеці паступаюць на „атамныя“ спецыяльнасці, каб вярнуцца пасля ўніверсітэту. Астравец — гэта ўжо не „дзіра“ Гродзенскай вобласці». Журналісты "Радыё Свабода" паглядзелі, як былы гарадскі пасёлак Астравец ператвараецца ў горад энергетыкаў.
Першы святлафор з'явіўся ў 2012 годзе
Яшчэ пяць гадоў таму мала хто мог уявіць, што ў гарадскім пасёлку Астравец могуць быць заторы на дарогах. Тут не было ні спальных раёнаў, ні гадзінаў пік, ні нават святлафораў. Але ўжо чатыры гады, як будоўля АЭС за 18 км на поўнач ад гораду змяняе жыццё ўсяго рэгіёну.
Астравец — былая вёска. З 1468 году, калі ён упершыню згаданы ў дакументах, Астравец заўжды быў звязаны з Вільняю. Да яе адсюль — 50 км. Да Мінску — 150, а да абласнога цэнтру Гародні — 240.
«Стары» Астравец — гэта нізкая пасляваенная забудова
Райцэнтрам ён стаў у 1939 годзе, у 2007 годзе атрымаў герб, а ў 2012-м — статус гораду. Акрамя Горадні, гэта, бадай, адзіны горад у вобласці, дзе сёння расце насельніцтва. За постсавецкі час яно зменшылася больш як на тысячу чалавек — з 9700 у 1990-м да 8300 у 2009-м. На пачатак 2015 года тут жылі 9100 чалавек.
У новай частцы Астраўца ўжо заканчваюць другі мікрараён
Для будучых працаўнікоў АЭС у Астраўцы будуюць, як тут кажуць, «новы горад» — тры мікрараёны ва ўсходняй частцы гораду. Летась скончана будоўля першага — на 3200 жыхароў. Сёлета маюць скончыць другі, а яшчэ праз год — трэці мікрараён. Агулам у «новым горадзе» будзе жыць да 25 тысяч чалавек.
Тут у 2012 годзе з'явіўся першы ў горадзе святлафор. Цяпер іх ужо чатыры, і кожную раніцу і вечар тут складана праехаць: машынамі і аўтобусамі едуць на будоўлю рабочыя.
Адам Кавалька, старшыня Астравецкага райвыканкаму, кажа, што Астравец перажывае новы этап сваёй гісторыі
«Жыццё ідзе, з сельскагаспадарчага Астравецкі раён ператвараецца ў буйны прамысловы цэнтр», — сказаў Адам Кавалька, старшыня Астравецкага райвыканкаму.
Нерухомасць даражэйшая, чым у Мінску
З нечаканай АЭС на Астравец абваліліся турботы, якіх горад ніколі не ведаў. Некалькі тысяч будаўнікоў трэба было недзе рассяліць. У горадзе дагэтуль працуе толькі адзін гатэль, ёсць пару інтэрнатаў. Але месцаў для ўсіх там не хапае, і будаўнікі наймаюць кватэры ў горадзе.
Другі ў горадзе гатэль яшчэ не скончаны, а таму многія будаўнікі наймаюць кватэры
Праз неймаверны попыт, кошты на арэнду тут вышэйшыя, чым у Мінску. 150 долараў (ад 100 тысяч рублёў на дзень) каштуе адно койка-месца ў пакоі. І гэта яшчэ старыя кошты, запэўнівае гаспадыня.
Пасля званкоў па аб’явах у раённай газеце становіцца зразумела, што так і ёсць. У іншых арандатараў ложак каштуе ад 150 тысяч на суткі (200 долараў на месяц). Адзін пакой на дваіх чалавек — 500 тысяч на суткі (360 долараў).
«А калі вы хочаце двухпакаёўку наняць, гэта будзе долараў 600 каштаваць, а з добрым рамонтам — і 800», — кажа прадпрымальніца.
З пачаткам будоўлі цэны на нерухомасць тут выраслі ў некалькі разоў
Па яе словах, кошты ў Астраўцы спалі. Раней кватэры каштавалі і па 1000 долараў на месяц. Але пабудавалі цэлы мікрараён, і шмат якія арганізацыі наймаюць кватэры ў новабудоўлях.
«Хаця ўсё адно кватэру ў Астраўцы вы зараз не набудзеце. Двухпакаёўка будзе каштаваць прынамсі 50 тысяч долараў. А калісьці і за 25 тысяч яе было не прадаць».
Украінцы: «Плацяць у вас няшмат, але спакойна»
Яшчэ з новых праблемаў у Астраўцы — перагружаныя садкі, школы і паліклініка. Летась тут пабудавалі гімназію на 510 вучняў і садок на 190 дзяцей. Але ўсё адно месцаў у садках не хапае.
У гімназію ў новым мікрараёне ходзяць збольшага мясцовыя дзеці
Пастаянныя чэргі і ў паліклініцы. Кажуць, што асабліва ўпадабалі беларускую сістэму аховы здароўя ўкраінскія рабочыя.
«Яны даведаліся, што ў нас 100% аплата па бальнічным, дык пры любой нагодзе ідуць да лекара», — кажа мясцовы жыхар Уладзімер.
У дварах шмат украінскіх машын з нумарамі Запарожскай вобласці
Украінцаў, дарэчы, у Астраўцы даволі шмат. Яны прыязджаюць звычайна з гораду Энергадару, дзе размешчана Запарожская АЭС. І гэта пры тым, што матэрыяльныя ўмовы ў Беларусі для атамшчыкаў не нашмат лепшыя, чым ва Украіне.
«Мне тут падабаецца, — кажа Кацярына, што прыехала ў Астравец разам з мужам і дзецьмі два тыдні таму. — І хоць умовы тут не выгаднейшыя, чым у Энергадары, але тут спакайней. Асабліва гэта цэніш, калі гадуеш дзяцей».
Новага садка на 190 месцаў Астраўцу мала, а таму дзяцей возяць у суседнюю вёску Малі
Па яе словах, у мікрараёне ледзь не кожны другі — з Украіны. І праўда, у дварах тут спрэс машыны з украінскімі нумарамі.
«Так, мы сумуем па радзіме, але і тут таксама добра, — кажа Кацярына. — Думаю, мы гатовыя застацца ў Астраўцы. Уражанне вельмі добрае склалася. У вас тут усё па правілах трэба рабіць».
Не прызвычаіліся ў нас сур’ёзна працаваць
У той час як украінцы сюды прыязджаюць, мясцовыя, з кім гаварылі на вуліцы, скардзяцца на скарачэнне заробкаў. Раней, маўляў, тут зараблялі па 10–12 мільёнаў рублёў. Цяпер жа нават 3 мільёны для будаўніка, лічыцца, добрыя грошы.
Трапіць на саму будоўлю АЭС журналісты могуць толькі падчас прэс-туру
«Астравецкія ўсе звальняюцца адтуль, — кажа мясцовы жыхар Уладзімер. — Толькі тыя добра зарабляюць, што на расійскія фірмы ўладкоўваюцца. Вось кіроўцам сябар 10 мільёнаў мае. Але ў беларускіх субпадрадчыкаў зусім мала плацяць».
Што рабочых на будоўлі не хапае, пацвярджаюць і мясцовыя ўлады. Аднак Адам Кавалька кажа, што не ідуць на АЭС праз высокую адказнасць і патрабаванні.
Чыноўнікі кажуць, што на АЭС неахвотна ідуць працаваць, бо там высокія патрабаванні
Аляксандр, мясцовы жыхар, працаваў на будоўлі ад самага пачатку — з 2012 году. Але ўжо год як сышоў адтуль. Кажа, што праблема не толькі ў грошах, але і ў цяжкасці працы.
«Калі катлаван залівалі, вось гэтай парой, у лютым, цэлы дзень на вуліцы. А потым пачне снег таяць — адпампоўвай ваду паўдня, каб нешта зрабіць. Мне ўжо 50, дык я сябе вырашыў берагчы».
Нават без АЭС у Астраўцы хапае іншай працы на будоўлях
Ён перайшоў на іншую будоўлю — у горадзе, акрамя мікрараёнаў, будуецца новы шпіталь, садок, яшчэ адна школа. І нават на невялікія заробкі сюды штодня прыязджаюць аўтобусамі будаўнікі з Смаргоні Ашмянаў.
Праца ёсць, але надта ў нас не забагацееш
Нават жыхары суседніх вёсках, дзе многія ішлі працаваць на АЭС, вяртаюцца на працу ў калгас. Кажуць, вельмі моцна скарацілі заробкі апошнім часам.
Касцёл у Гервятах — перліна Астравецкага раёну — за 10 км ад будучай АЭС
«А нашы то працуюць там, то сыходзяць, — кажа Мікалай Іванавіч, жыхар вёскі Гервяты. — Калі добра плацяць — яны на АЭС, скарачаюць заробкі — ідуць у калгас».
Ён кажа, што працу ў раёне цяпер знайсці проста. Пытанне толькі ў заробку. Ягоны знаёмы, 28-гадовы бетоншчык шостага разраду, атрымаў за апошнюю месячную вахту 1,5 мільёна.
«Праца ёсць, але моцна ў нас не забагацееш, — кажа Мікалай Іванавіч. — Урэзалі ўсім капітальна, плачуць. Таму едуць у Вільню ці ў Мінск».
Мясцовыя кажуць, што палова Гервятаў робіць на будоўлі
АЭС мясцовыя разглядаюць як працу, якая ніколі не знікне, куды ў любы час можна пайсці ды зарабіць. А бацькі нават стараюцца аддаць дзяцей ва ўніверсітэт, каб тыя потым маглі вярнуцца працаваць на АЭС спецыялістамі.
Да нас едуць без канца
Услед за буйной будоўляй і горадам, які расце, у Астравец прыходзяць і прыватныя інвестары. У тым ліку — замежныя. Турэцкая кампанія заканчвае новы трохзоркавы гатэль у цэнтры гораду. Польскія і літоўскія інвестары хочуць пабудаваць тут хлебазавод, малаказавод і мясакамбінат. Таксама палякі прапануюць арганізаваць тут выпуск палімерных матэрыялаў.
«Да нас едуць без канца, — кажа Адам Кавалька. — Мы разглядаем, на якіх умовах пагадзіцца з інвестарамі».
Будаўнічыя краны — тыповы астравецкі краявід
У выканкаме не хаваюць свайго аптымізму і называюць будоўлю ў Астраўцы гістарычнай з'явай, пачаткам новай эры ў развіцці гораду. Але эканамісты засцерагаюць: адно вялікае прадпрыемства на ўвесь рэгіён можа прынесці і шкоду мясцоваму насельніцтву.
Уладзімер Валетка
«На жаль, даводзіцца казаць, што атамная станцыя будзе месцам працы не для мясцовых жыхароў, — сказаў Свабодзе Уладзімер Валетка, старшы даследчык Цэнтру сацыяльна-эканамічных даследаванняў (CASE Belarus). — Мясцовыя будуць толькі сярод абслуговага персаналу».
Па словах эканаміста, пры такіх вялікіх будоўлях рынак працы на 50–80% займаюць людзі з іншых рэгіёнаў, а мясцовыя жыхары аказваюцца выключанымі з яго. І можа ўтварыцца вялікая прорва паміж высокааплатнымі прыезджымі спецыялістамі і мясцовымі жыхарамі.
На новых прадпрыемствах звычайна працуюць прыезджыя
Цэнтр сацыяльна-эканамічных даследаванняў праводзіў аналіз менскай агламерацыі — 140 км вакол сталіцы. Даследчыкі прыйшлі да высновы, што ў той час, як у рэгіёне адкрываюцца новыя прадпрыемствы, з'яўляюцца працоўныя месцы, сярод мясцовых жыхароў назіраецца не рост дабрабыту, а збядненне.
Ад АЭС да літоўскай мяжы — 25 км
«Заўсёды такія вялікія прадпрыемствы складаюць пагрозу стабільнасці і развіццю, — кажа Валетка. — Маладыя сем’і будуць думаць пра станцыю як пра прывабную працу. І высокія заробкі на ёй будуць замінаць рэалізацыі іх творчага патэнцыялу, прадпрымальніцкай дзейнасці».
Такія працэсы можна назіраць у іншых рэгіёнах Беларусі. Напрыклад, прадпрыемства «Беларуськалій» не дае развівацца бізнесу ў Салігорску, бо забяспечвае людзей высокім заробкам.
«Гэта пастка ў пэўным сэнсе. Буйныя прадпрыемствы кшталту АЭС робяць эканоміку больш слабой і прыступнай для шокаў. Як толькі спыніцца попыт на электраэнергію, гэта створыць пагрозу для ўсяго рэгіёну».
Аднак пры паслядоўнай палітыцы мясцовых уладаў ад з'яўлення АЭС можна ўсё ж такі атрымаць выгаду, лічыць Валетка. Высокія заробкі на атамнай станцыі павінны спрыяць развіццю сферы паслугаў. У гэтую справу маюць уключыцца прадпрымальнікі.
«Галоўнае, каб не было замыкання людзей, каб не скарачаліся інвестыцыі ў чалавечы капітал», — кажа Валетка.
Ён тлумачыць, што высокія заробкі ў рэгіёне, якія генеруюцца адным прадпрыемствам, часта прыводзяць да таго, што працадаўцы не зацікаўленыя ў павышэньні кваліфікацыі сваіх супрацоўнікаў. Сёння ён заплаціў за атрыманне кіроўцам вышэйшай катэгорыі, а заўтра гэты кіроўца сыдзе на АЭС, дзе больш плацяць.
Звычайна пытаньне экалогіі — апошняе, якім задаюцца мясцовыя
Ці ўдасца мясцовым уладам даць рады наступствам, якія нясе з сабой з'яўленне АЭС, пакажа час. Уладзімер Валетка раіць развіваць гарызантальныя сувязі з іншымі рэгіёнамі, каб мясцовыя жыхары не былі прывязаныя да адной працы.
«Застаецца спадзявацца, што негатыўны фактар будзе перакрыты пазітыўным», — кажа эканаміст.