Анастасія Шпакоўская, Аляксандр Памідораў, Сабіна Брыло возьмуць удзел у «Ночы паэтаў» у Вільні

Імпрэза-ўшанаванне памяці беларускіх літаратараў, якія былі расстраляныя НКУС у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года пройдзе каля Музея акупацыі і барацьбы за свабоду (Aukų g. 2A) 29 кастрычніка з 17 да 19 гадзін.

img_20221024_111044_214.png


Як паведамілі «НЧ» арганізатары мерапрыемства, у імпрэзе возьмуць удзел музыкі: Анастасія Шпакоўская, Аляксандр Памідораў, Юрый Несцярэнка, Ганна Валынец, гурт «Беларускі цуд», паэткі Сабіна Брыло, Ванда Марціньш, Дар’я Роскач, старшыня Саюза літоўскіх пісьменнікаў Бірутэ Янушкайтэ і іншыя ганаровыя госці. Жадаючым прадэкламаваць вершы будзе прадстаўлены вольны мікрафон.

Арганізатары акцыі запрашаюць беларусаў Літвы сабрацца ў гэты вечар разам, каб прачытаць і паслухаць улюбёныя творы, узгадаць тых, хто аддаў свае жыцці за вольную Беларусь. «Але “Ноч (не)расстраляных паэтаў” — гэта не толькі ўшанаванне памяці бязвінна загінулых, гэта і праява салідарнасці з тымі, хто знаходзіцца ў зняволенні цяпер», — падкрэсліваюць яны.

Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці ўсяго свету традыцыйна збіраюцца ў гэты вечар у сваіх гарадах, каб сказаць «Мы памятаем!», бо ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года — адна з найбольш крывавых датаў у беларускай гісторыі ХХ стагоддзя. Тады НКУС былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты: дзеячаў культуры, навукі, тагачасных службоўцаў. Сярод іх былі 22 літаратары: паэты, празаікі, крытыкі. Гэты расстрэл стаў самай трагічнай кропкай хвалі маштабных рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі, якія ішлі з 1929 года.

«Гісторыя паўтараецца. Сёння свабода думкі і творчасці зноўку знішчаецца рэжымам у Беларусі, а тысячы нашых суайчыннікаў знаходзяцца ў засценках за жаданне жыць у вольнай і дэмакратычнай краіне. Прыходзьце, каб разам ушанаваць памяць загінулых і выказаць салідарнасць сённяшнім палітычным зняволеным Беларусі!», — заклікаюць арганізатары імпрэзы.