Сіла слова. Літва заявіла, што цалкам спыніла ўвоз санкцыйнай драўніны з Беларусі
Мытная служба Літвы заявіла, што ёй удалося цалкам спыніць паступленне ў краіну драўніны і прадукцыі дрэваапрацоўкі беларускага і расійскага паходжання пад выглядам тавараў з Казахстана і Кыргызстана ў абыход санкцый ЕС.

Фота з bel-news.by
«Узмацненне мытнага кантролю дало выдатныя вынікі», — адзначае ведамства.
Сумніўныя пастаўкі ў Літву пачаліся пасля таго, як у сакавіку 2022-га, пасля пачатку вайны, Еўрасаюз забараніў экспарт драўнянай прадукцыі з Беларусі. Неўзабаве пастаўкі дошак, пелет, брыкетаў і фанеры з зусім не лясістых Казахстана і Кыргызстана выраслі ў дзясяткі і нават тысячы разоў. У канцы снежня «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» апублікаваў расследаванне, дзе даказаў, што такім чынам абыходзяць санкцыі беларускія вытворцы. У Літве прынялі меры.

«У мэтах прадухілення такіх злоўжыванняў у канцы мінулага года мытныя органы Літвы зрабілі больш жорсткім кантроль за такімі таварамі, узмацніўшы праверку прадстаўленых дакументаў і маршрутаў перавозкі на пунктах памежнага кантролю з Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расіі, каб пераканацца, што тавары, якія ўвозяцца на мытную тэрыторыю ЕС, сапраўды вязуцца з трэцяй краіны, а не з Расіі ці Беларусі», — гаворыцца ў паведамленні мытнай службы.
Акрамя дакументаў, якія пацвярджаюць вываз тавараў з трэцяй краіны, мытнікі сталі патрабаваць у перавозчыкаў пацвярджэнне паходжання тавару, уключаючы інфармацыю аб вытворцу і месцы вытворчасці. Пры адной з праверак аказалася, што па адрасе «месца вытворчасці» была жылая шматпавярхоўка. У шэрагу выпадкаў у кіроўцаў знаходзілі некалькі камплектаў дакументаў: частка была для беларускай мытні, а частка — для літоўскай.
У выпадку выяўлення нестыковак, невыканання патрабаванняў, непацверджання паходжання тавараў драўніну і прадукцыю дрэваапрацоўкі на тэрыторыю ЕС не прапускалі.
Нагадаем, некалькі дзён таму «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» апублікаваў новыя факты пра тое, як беларускія дрэваапрацоўчыя кампаніі дагэтуль абыходзяць санкцыі і пастаўляюць сваю прадукцыю ў ЕС.
